У Гродне выпусцілі настолку, па якой дзецям зручна вучыць беларускую мову

Праз гульню “Мова. Буслік” дзеці могуць авалодаць лексікай па трох тэмах: “Жывёлы”, “Горад”, “Дом”. Набор па кожнай тэме складаецца з 48 каляровых карцінак са словамі, кшталту, “алень”, “зубр”, “пошта”, “прыпынак”, “швэдар”, “слоік”. На асобных картках па адной літары распісаны алфавіт.

Як гуляць? У якім узросце?

– Мы прапануем заданні рознага ўзроўню складанасці для дзяцей рознага узросту. У тры гады маляты могуць проста запамінаць літары, як у гульні “Memory”, альбо шукаць картку са словам на пэўную літару: напрыклад: “П” – “пошта”, – тлумачыць адзін са стваральнікаў гульні Антось Янкоўскі.

У Гродне выпусцілі настолку, па якой дзецям зручна вучыць беларускую мову

У 5-6 год дзецям даеццца заданне адшукаць пэўную літару ў некалькіх картках на хуткасць. Можна падключыць балы: перамагае той, хто быў больш уважлівым і першым знайшоў больш патрэбных словаў.

Сямігодкам загадваюць слова. А яны спаборнічаюць, хто хутчэй адгадае яго па літарах, як у вядомай тэлеперадачы “Поле цудаў”. Так, трэці ўзровень развівае эрудыцыю.

Не адна мова, а тры

– Гэтая гульня можа быць добрым варыянтам для дадатковага вывучэння мовы ў дзіцячых садках і школах, – мяркуюць яе аўтары.

Бонус гульні ў тым, што словы ў інструкцыі пададзеныя на трох мовах: беларускай, рускай, англійскай. У беларускай версіі прастаўленыя націскі, чаго не было ў “дарослай” падобнай гульні. Таксама з’явіліся хатнія заданні: скласці крыжаванку або намаляваць сям’ю звяроў з подпісамі.

У Гродне выпусцілі настолку, па якой дзецям зручна вучыць беларускую мову

Супрацоўніцтва з “Буслікам” – важны крок

Настолку выпусціла гродзенскае творчае згуртаванне “А4”. Гэта сёмая гульня ў іх арсенале.

Упершыню наклад іх гульні складзе 10,5 тысяч асобнікаў: па 4,5 тысячы на кожны набор (жывёлы, горад, дом). Такую колькасць аўтары здолелі выпусціць дзякуючы супрацоўніцтву з гандлёвай сеткай дзіцячых тавараў “Буслік”.

– Для нас гэта новы важны крок, што мы знайшлі партнёра. Калі працягнем супрацоўнічаць, то рэалізуем з імі шмат новых ідэяў, – кажа Антось.

Гульня будзе распаўсюджвацца ў іх крамах па ўсёй краіне, таксама ў крамах настольных гульняў, сувеніраў. Адзін набор будзе каштаваць каля 10 рублёў. Гульня з’явіцца ў продажы ў сярэдзіне снежня, але ўжо цяпер можна пакінуць перадзамову на сайце выдавецтва https://a4games.by/mova-buslik/.

У будучыні стваральнікі плануюць распрацаваць дадатковыя наборы гульні “Мова. Буслік” па іншых тэмах. Акрамя таго, яны хочуць разнастайніць заданні: зрабіць размалёўкі, пазлы.